Фільтраваць
Імёны
Падзеі
Помнікі
Рэгіён
Прадметы
Установы
Спадчына: Мастакі

Алена Георгіеўна Лось нарадзілася 22 студзеня 1933 г. у Вільнюсе. Яе бацька, ураджэнец Брэстчыны, скончыў Вiленскi ўнiверсiтэт, працаваў урачом. Любiў маляваць, выпiсваў французскi часопiс, прысвечаны мастацтву. Мацi валодала французскай і нямецкай мовамi, захаплялася рускай паэзiяй «сярэбранага веку». Дзіцячыя гады Алены Лось звязаны з Пружаншчынай, дзе яна амаль шаснаццаць гадоў жыла спачатку ў Лыскава, потым у Магілёўцах і Ружанах.

Іван Мікалаевіч Рамановіч нарадзіўся 19 лістапада 1977 г. у в. Моталь Іванаўскага раёна Брэсцкай вобласці. Скончыў Беларускі ліцэй мастацтваў імя І. В. Ахрэмчыка (1996), аддзяленне станковага жывапісу Беларускай акадэміі мастацтваў (2002), дзе вучыўся ў народнага мастака Беларусі Мая Данцыга, Віталя Герасімава, Аляксандра Ксяндзова.

Уладзімір Васільевіч Уродніч нарадзіўся 22 мая 1942 г. на хутары Лучкі паблізу в. Вялікія Арлы Давыд-Гарадоцкага раёна Пінскай вобласці (цяпер Столінскага раёна Брэсцкай вобласці) у сялянскай сям’і. Яго бацька, Васіль Мікалаевіч Уродніч, быў у партызанах, загінуў у баю ў лістападзе 1943 г. Дзяцінства Валодзі было азмрочана вайной і цяжкімі пасляваеннымі нягодамі. Яго выхоўвалі маці і дзед. Хлопчыкам спрабаваў свае сілы ў малюнку, захапленне перайшло ў непахіснае рашэнне вучыцца жывапісу.

Мікалай Іванавіч Таранда нарадзіўся 15 жніўня 1947 г. у в. Вялікае Падлессе Ляхавіцкага раёна Брэсцкай вобласці. У вялікай сялянскай сям’і Івана Максімавіча і Фядоры Кляменцяўны Таранда Мікалай быў трынаццатым дзіцём. Мікалай з дзяцінства шмат працаваў, работы не баяўся і браўся за любую, але заўважаў колеры наваколля: якое неба незвычайнае, як шэпча трава, як адлюстроўваюцца ў вадзе праплываючыя аблокі.

Напалеон Орда нарадзіўся 11 лютага 1807 г. у в. Варацэвічы Пінскага павета Мінскай губерні (цяпер Іванаўскі раён Брэсцкай вобласці). Пачатковую музычную адукацыю атрымаў у бацькоў. Вучыўся ў Віленскім універсітэце (1823–1827).

Уладзімір Паўлавіч Рамейка нарадзіўся 29 мая 1937 г. у в. Канюхі Ляхавіцкай гміны Баранавіцкага павета Навагрудскага ваяводства (цяпер Жарабковіцкі сельсавет Ляхавіцкага раёна Брэсцкай вобласці) у сялянскай сям’і. Сям’я была працавітая, але раскулачаная, сасланая ў Сібір. Пасля 1948 г. месцам жыцця для Рамейкаў стаў горад Баранавічы. Бацькі пабудавалі новае жытло, завялі гаспадарку, пасадзілі сад, разводзілі пчол. У сям’і гадаваліся чацвёра дзяцей — спрытных і таленавітых, такіх жа, як іх бацькі, усе атрымалі вышэйшую адукацыю і абралі прафесію па душы.

Аляксей Піменавіч Бакуменка нарадзіўся 10 сакавіка 1927 г. у сяле Белавусаўка Чарніхухінскага раёна Палтаўскай вобласці ў сялянскай сям’і. Бацька, Пімен Пятровіч, быў дыпламанаваным садоўнікам. У сям’і было чацвёра дзяцей, у 1930-я гады перажылі голад, але бацькі як маглі імкнуліся даць дзецям адукацыю. Аляксей закончыў 7 класаў у мясцовай школе, сярэднюю школу – у сяле Гільцы.

Яўген Сяргеевіч Шатохін нарадзіўся 25 лютага 1947 г. ў г. Пінску (цяпер Брэсцкай вобласці). З 1958 г. па 1962 г. займаўся ў студыі выяўленчага мастацтва Дома піянераў пад кіраўніцтвам Я. П. Пулхава. Рана пачаў самастойнае жыццё – пасля васьмі класаў з’ехаў у Бранск, паступіў у рамеснае вучылішча і вучыўся ў вячэрняй школе. Атрымаў мастацкую адукацыю ў Арлоўскім педагагічным (на мастацка-графічным фапкультэце, але не закончыў) і Харкаўскім мастацка-прамысловым (закончыў у 1973 г.) інстытутах.

Міхаіл Сяргеевіч Талмачоў нарадзіўся 6 студзеня 1922 г. у Алтайскім краі ў вялікай сям’і праваслаўнага святара, быў адзінаццатым дзіцём. Сям’я жыла ў Навасібірску, Ленінградзе. У дзяцінстве ўдзельнічаў у мастацкай самадзейнасці, майстраваў авіямадэлі. Разам са старэйшай сястрой, якая і прывіла яму любоў да жывапісу, падоўгу маляваў віды Пецяргофа, Петрадварца, скульптуры Летняга сада. У школе вучыўся добра, ахвотна, сярэднюю школу закончыў з залатым медалём.

Людміла Пятроўна Крапіўная нарадзілася 27 студзеня 1951 г. у г. Гродне. Бацька быў афіцэрам, у час Вялікай Айчыннай вайны вызваляў Брэст, пасля вайны накіраваны ў Гродна. Маці закончыла Казанскі медыцынскі інстытут. Неўзабаве пасля нараджэння Людмілы бацьку перавялі ў Ленінград, у канцы 1952 г. яго перавялі ў Брэст, дзе сям’я засталася жыць, а горад стаў для Людмілы родным.

Старонка 2 з 15